Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча - Людміла Рублеўская (2014)
-
Год:2014
-
Название:Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
-
Автор:
-
Жанр:
-
Серия:
-
Оригинал:Белорусский
-
Язык:Белорусский
-
Страниц:33
-
ISBN:978-985-7083-85-5
-
Рейтинг:
-
Ваша оценка:
Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча - Людміла Рублеўская читать онлайн бесплатно полную версию книги
– Ды не… Вядома, смыліць, і на панну Паланэю я не забудуся ніколі, але тое, што я яе страціў – усё роўна, як упэўніцца, што па аблоках нельга прабегчыся. Ведаеш, можа, таму і страціў, што ніколі да канца не верыў, што змагу ажаніцца з сястрой князя Багінскага.
– Тады што цябе так трывожыць? – асцярожна спытаўся доктар. Вырвіч нейкі час ехаў моўчкі, апусціўшы галаву.
– Мне здаецца, я… нейкі няздара. Я не ведаю, хто я, для чаго існую. Смешна, што трэба было дажыць да дваццаці трох гадоў, каб задаць сабе такія пытанні! – Пранціш горка засмяяўся. – Не пярэч, я праўду кажу. Вось ты спрабаваў прыладзіць мяне да навукі… Так, мне многае было цікава, я някепскім мог бы стаць доктарам… Але ты сам ужо ў маленстве не меў ніякіх ваганняў і гатовы быў дзень і ноч праводзіць за доследамі, ахвяруючы гульнямі. У мяне ж такой жарсці ніколі не ўзнікала. Магу ў механізме пакалупацца, магу ў карты пагуляць – з аднолькавым задавальненнем. Вось, думаў – вайсковая справа мяне захопіць… Што ж, я – добры вой! – Вырвіч сказаў гэта без ценю хвальбы. – Але прысвяціць жыццё вайне… Муштры… Гэтага ўжо мала. Заняцца гаспадаркай? Выкупіць зямлю ў Падняводдзі, што належала продкам? Заснаваць мануфактуру? Мяне праз месяц пацягне ў вандроўкі. Ты навучыў мяне фехтаванню – але і тут я не гатовы, як ты, адпрацоўваць якісь скачок дні і ночы, пакуль не атрымаецца. Нават у каханні я – не гарачы і не халодны, а цёплы, які стан асуджае нават Святое Пісанне. Ну не кінуўся ж я біцца да смерці з панам Гервасіем Агалінскім, не ірвануў за Паланэяй у Амерыку, як кавалер дэ Грые за Манон Ляско… А каб панна зараз прыехала да мяне – уцякла, скажам, ад мужа ці засталася ўдавою, з дзіцем на руках – я б, вядома, прыняў яе з радасцю… Але крылы б у мяне не выраслі, прызнаюся сумленна. Я, напэўна, недастаткова яе кахаю, каб прабачыць усё і прыняць усялякай. Вось, Багінская папракала мяне, што я не звяртаў увагі на яе камерыстку Ганульку, якая ў мяне так закахалася, што да нервовай гарачкі дайшла. Мне шкада той дзяўчынкі… Але я да яе ўсё роўна абыякавы. Ні ў чым няма ў мяне пэўнасці, простай лініі. Так, я праваслаўны, веры не зракуся, але мне не падабаецца, што маю зямлю заваёўваюць мае адзінаверцы з Расіі. Я ліцвін, але мяне лічаць здраднікам суайчыннікі, бо трымаюся сваёй веры і супраць, каб зачынялі мае храмы. Як быццам у мяне дзве душы, і ніводная не адчувае спакою і паўнаты быцця. A posteriori, я – бяздарнасць, Баўтрамей.
– Ты – проста тыповы ліцвін, – Лёднік быў вельмі сур’ёзны. – Такі лёс народаў, якія жывуць на раздарожжы, на сутыччы культур і цывілізацый. Нас топчуць, як трыпутнік, а мы ўстаем. Нам прыўлашчваюць розныя назовы, а мы застаемся сабою. Павер, на нас гэта не скончыцца. А наконт тваёй бяздарнасці… Паслухай, многія за ўсё сваё жыццё не задаюць сабе такіх пытанняў, якія мучаць цябе. Гэта яны няздары – а не ты. А калі пачаў думаць – значыць, рашэнне знойдзецца. Шлях сам цябе абярэ. Дарэчы… – Лёднік з няёмкасцю хмыкнуў, – ты не назваў яшчэ адзін свой талент… Літаратурны.
У Пранціша аж шчокі запалалі.
– Адкуль ты…
– Ну, не ўсё згарае на попел у нашым каміне… – адвёў вочы доктар. – Паслухай, ты дарэмна так саромешся сваіх паэтычных практыкаванняў, – вельмі сур’ёзна сказаў Лёднік. – Улада над словам мала каму даецца… Тым болей на гэтай зямлі, дзе ліцвінам увесь час спрабуюць навязаць іншую мову і іншую веру. А памятаеш прамову Мялешкі? Альбо дзённік Еўлашоўскага? Дасціпна ж напісана, прыгожа гучыць? Старажытны кітайскі мысляр Канфуцый аднойчы сказаў: калі словы трацяць сэнс – людзі трацяць свабоду. Можа быць, пан Прантасій, гэтая зямля, дзе столькі паданняў, легенд і дзівосных авантураў, чакае, каб загаварыць тваймі вуснамі на той мове, якая ёй Богам дадзеная? Каб зразумела і Паланэя Багінская, і млынароўна Саклета, знаўца зёлак… Варта толькі перастаць пераймаць кагосьці – і пісаць ад сэрца… Падумай…





