Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча - Людміла Рублеўская (2014)
-
Год:2014
-
Название:Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
-
Автор:
-
Жанр:
-
Серия:
-
Оригинал:Белорусский
-
Язык:Белорусский
-
Страниц:33
-
ISBN:978-985-7083-85-5
-
Рейтинг:
-
Ваша оценка:
Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча - Людміла Рублеўская читать онлайн бесплатно полную версию книги
– Спадар Лі вучыць Бутрыма сакрэтнаму ўдару на адлегласці, – стрымана адказала Саламея, якой, падобна, гэтая навука зусім не падавалася добрай.
– Гэта як? – не зразумеў Пранціш. Пані Лёднік паморшчылася.
– Калі ты не дакранаешся да цела ворага, але пашкоджваеш ягоныя тканкі так званай “вызваленай энергіяй”. Спадар Лі сцвярджае, што найперш закранаюцца ўнутраныя органы, і ўсе наступствы такога ўдару праяўляюцца паступова.
На прыгожым твары жанчыны была грэблівасць. Але Пранціш уявіў, як можна выкарыстаць такое ўмельства… Прыдатна!
– Учора Бутрым паўночы сядзеў і спрабаваў гэтак вось загасіць свечку на адлегласці, – змрочна прамовіла Саламея. – Каб яму хто паказаў, як ілбом мур разбіваць – страшна ўявіць, чым скончылася б. Вясной спадар Лі прапанаваў яму сабраць раструшчаны збан проста ў мяху, праз тканіну. Казаў – добрая трэніроўка для доктара, які складае паламаныя суставы і косткі.
– А сам кітаец сабраў? – здзівіўся Вырвіч.
– Сабраў, – адказала Саламея.
– А Бутрым?
– Два тыдні змагаўся, – пані Лёднік раздражнёна ўздыхнула. – Злосны быў – не падыходзь. Нібыта мала яму непрыемнасцяў у Акадэміі. Ну, ды Бог з імі, пайшлі на варыўню, павячэраеш. Чамусьці мне здаецца, што ў суддзі Юдыцкага пан падхаружы не асабліва наеўся.
Цяпер Пранціш ведаў, адкуль ягоны былы слуга навучыўся скакаць па сценах. Пэўна ж, кітаец досведам падзяліўся.
Бліны пані Саламеі сапраўды смачныя, ды яшчэ са смятанкай… Добра, што не пост, да таго ж Пранцішу не трэба было пільнавацца дыеты, як суддзі Юдыцкаму. Так што паспеў прыгаварыць бліноў пяць, пакуль кітаец не сышоў, і на варыўні не з’явіўся змрочны Лёднік. Відаць, удар на адлегласці так пану і не ўдаўся.
Доктар моўчкі выслухаў красамоўны расповед пра спакусную прапанову суддзі.
– Усё роўна нам жа трэба ў Гутаўскі кляштар!
– Нешта я не надта веру ў такія шчаслівыя супадзенні… – прабуркатаў Лёднік. – Спадзяюся, ты нічога не паабяцаў пану – ні ад свайго імя, ні ад майго?
Пранціш трохі замяўся… Але з самым сумленным выглядам падазрэнні доктара адпрэчыў. А загашальнік свечак сядзеў сумны, унураны, твар завешаны чорнымі патламі. Спытаў стамлёна:
– І чаму радзівілаўскім кляўрэтам патрэбныя менавіта твае ды мае паслугі, а, Вырвіч? За такія грошы маглі б наняць хоць Германа Ватмана, прафесійнага забойцу самага высокага рангу. Што ў нас ёсць такога, што адрознівае ад звычайных наймітаў?
Замест драгуна мужу адказала пані Саламея, вельмі ўстрывожаная расповедам:
– Ды проста вы не належыце да кола праціўнікаў караля! Вы праваслаўныя, сябруеце з расейцамі, у пана Вырвіча нават клопаты з-за гэтага ў войску, а ў цябе – у Акадэміі. Вас нельга западозрыць у закалоце супраць Панятоўскага і Расіі! Значыць, хочуць выкарыстаць вас для маскіроўкі нечага сумніўнага.
Доктар уздыхнуў.
– Вось і я так думаю. І як жа мне гэта абрыдла… Быць інструментам у чужых руках. Усё, ніякіх авантур! Ніякіх спакусных прапановаў! У Гутаўскі кляштар з’ездзім самі.
Вырвіч пастараўся не паказаць расчаравання. Падобна, полацкага Фаўста не адразу ўдасца ўгаварыць. А патрабаваць, каб выканаў дадзенае слова, пакуль не хацелася – Пранцішу ўсё яшчэ было трохі сорамна за нядаўнія нядобрыя пачуцці да доктара, які любіў яго, як родны бацька.
У пакой забег малы Алесік, быццам уварваўся ветрык:
– Пан бацька, пані маці! Спадар Лі прыслаў яшчэ адну страву!
За малым гаспадаром сунуўся Хвелька, старанна несучы на выцягнутых руках цяжкі гліняны гаршчок, накрыты бялюткім ільняным рушніком. Ад гаршчка распаўсюджваўся незразумелы, рэзкі водар. Але на таўсманным твары слугі чамусьці не адлюстроўвалася зацікаўленасць у змесціве пасудзіны, хаця Хвелька не ўпускаў ніводнага выпадку перахапіць смачненькі кавалак. Гаршчок быў урачыста пастаўлены на стол, зняты рушнік і накрыўка… Сямейства насцярожана схілілася над падарункам, вывучаючы кітайскае смакоцце. На нейкі час запанавала маўчанне.





