Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча - Людміла Рублеўская (2014)
-
Год:2014
-
Название:Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
-
Автор:
-
Жанр:
-
Серия:
-
Оригинал:Белорусский
-
Язык:Белорусский
-
Страниц:33
-
ISBN:978-985-7083-85-5
-
Рейтинг:
-
Ваша оценка:
Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча - Людміла Рублеўская читать онлайн бесплатно полную версию книги
– Разанцаў распавёў мне па сакрэце, канцлер Панін гаварыў, што не варта асабліва пашыраць тут правы пратэстантаў ды праваслаўных – бо сяляне з Расіі пачнуць збягаць. Патрэбна толькі з дысідэнтаў партыю, прыхільную імперыі, стварыць. Нікому насамрэч справы няма, добра нам ці блага жывецца. А тут, што ў Кароне, што ў Літве – нават у адной партыі няма згоды. Кароль марыць скасаваць ліберум вета, ягоныя дзядзькі Чартарыйскія баяцца з гэтае нагоды страціць сімпатыі шляхты… Пане Каханку з-за мяжы прыхільнікаў вярбуе… Карацей, на гэтым тле такія можна закруціць інтрыгі, што край крывёй зальецца. Заўтра пойдзеш да Юдыцкага – будзь асцярожны.
– Што ты мяне за дурня маеш? – пакрыўдзіўся Пранціш. – От зараз пану суддзі душу пачну адкрываць, як куфры са старымі кілімамі, ажно моль паляціць. І ўвогуле – як ты з гэтым расейскім графчыкам-баярынам так сышоўся? Не б’ецеся за палітыку?
Лёднік паціснуў плячыма.
– Разумны чалавек заўседы будзе паважаць перакананні іншага. А наконт баярына ты не маеш рацыі. Бацька Міхайлы простым купцом быў, яго цар Пётр Першы дваранінам зрабіў, у Галандыю вучыцца паслаў. І Міхайла ўсяго дамогся без пратэкцыі, уласным розумам.
Вось яно што… “Новыя дваране” – балючая тэма і ў Літве, і ў Польшчы, і ў Расеі. Лёднік са сваім “свежым” шляхецтвам не быў выключэннем – яшчэ ў 17 стагоддзі, пасля Гадзяцкае уніі, шляхецтва ад сойму Рэчы Паспалітае атрымалі некаторыя камандзіры сялянскіх атрадаў, якія біліся з маскоўцамі. Напрыклад, Мурашкі, Драні, што ў шляхоцтве зрабіліся Дранеўскімі. Але шмат было і тых, хто яшчэ “за Сасамі” проста купляў патэнт набілітацыі, ці выслужваўся не вайсковым подзвігам, а фаварыцтвам. А Панятоўскі, відаць, маючы на ўвазе прыклад Пятра І, шчодра надаваў шляхецтва невысакародным саслоўям, вядома, спадзеючыся прыдбаць сабе верных прыхільнікаў.
За што старая шляхта яго яшчэ больш зненавідзела. Гэтак жа, як і ягоных “хроснікаў на шляхецтва”.
Вырвіч заўважыў у куце нешта, накрытае зялёным сукном. Ужо здагадваючыся, падыйшоў, прыўзняў цяжкую тканіну. На яго зірнулі шэрыя шкляныя вочы з дасканала прыгожага васковага твару. Пандора… Лялька-аўтамат, сакрэт якой калісьці змусіў іх з Лёднікам цягнуцца аж за мора. Доктар паспешліва падыйшоў і акуратна ўхутаў васковую прыгажуню.
– Што, успамінаецца ледзі Кларэнс? – здагадаўся драгун. Прафесар памаўчаў, відаць, прагортваючы ў памяці прыгоды ў Ангельшчыне, падчас якіх яму давялося звесці блізкае знаёмства з чароўнай, але капрызлівай пані з абліччам гэта лялькі.
– Як такое забудзеш… Ведаеш, – былы алхімік трохі павагаўся, відаць, не ведаючы, ці варта прамаўляць тое, што прасілася, – я часта разважаў, як мне патрапіла паддацца чарам той лэдзі… Ну так, прыгажуня, арыстакратка, угневаў бы адмовай – загадала б яшчэ ўсіх нас забіць… Але ж і я не хлопчык. І Саламея мне даражэй за ўсіх царыцаў свету. І я зразумеў, што каб не было гэтай лялькі, каб не мучыўся я столькі над разгадкай таямніцы мехзанізму, не ўразіўся б сустрэчай з жывым арыгіналам. А тады, у Лондане, калі я пабачыў, як ажыла мая механістычная задача, мая навуковая перамога… Ды што цяпер апраўдвацца…
Лялька маўчала пад зялёным сукном, але здавалася, што ў любы момант тканіна варухнецца.
Між тым Лёднік трохі павагаўся і палез у шуфляду сакрэтніка з чорнага дрэва, упрыгожанага выявамі купідончыкаў – антычныя бажаняты мелі таўсманныя хітраватыя абліччы і зблытаныя кудзеры. Здавалася, гэтыя шкадлівыя стварэнні цэлілі не ў сэрцы залатымі стрэламі, а ўхапіць з чужога стала булку альбо жменьку разынак, як віленскія шкаляры.
– Ёсць тут яшчэ адзін ліст да пана Вырвіча… Па-праўдзе, дык не вельмі хацеў я пану яго аддаваць. Чаго вярэдзіць старыя раны…
Пранціш выхапіў з рук былога свайго слугі сціплы канверцік, запячатаны зялёным сургучом з адбіткам знаёмага гербу “Агінец”.
– Давай я сам буду вырашаць, што мне вярэдзіць, а што не.





