Авантуры студыёзуса Вырвіча - Людміла Рублеўская (2014)
-
Год:2014
-
Название:Авантуры студыёзуса Вырвіча
-
Автор:
-
Жанр:
-
Серия:
-
Оригинал:Белорусский
-
Язык:Белорусский
-
Страниц:38
-
ISBN:978-985-7083-16-9
-
Рейтинг:
-
Ваша оценка:
Авантуры студыёзуса Вырвіча - Людміла Рублеўская читать онлайн бесплатно полную версию книги
Пранціш зноў паднёс да вуснаў ручку панны, карыстаючыся тым, што не магла ж яна яго адштурхнуць, пакуль не дамаглася звестак.
– А чаму найяснейшы пан Багінскі не даведаецца пра гэта ў самога пана Баўтрамея Лёдніка?
Блакітныя вочы ад слушнага пытання на хвілю сталі разгубленымі, потым у іх збліснуў гнеў, але паненка змагла зноў удаць ветлівы спакой:
– Пан брат зараз заняты, ён даручыў гэтую дробную справу вырашыць мне. А мне, можа быць, прыемней паразмаўляць з панам Вырвічам, чым з доктарам, ягоным былым слугою. Лёднік па-ранейшаму такі змрочны? Дзе ён трымае ляльку? Не развінціў яшчэ на шрубчыкі?
І тады Пранціш, гэтак жа навісаючы над паненкай і цалуючы то адну яе ручку, то другую, з задавальненнем паведаміў, што лялька была – ды сплыла. Скралі ляльку невядомыя злодзеі.
Багінская ад узрушэння аж ускочыла, вырваўшы сваю ручку з рук Пранцыся даволі груба.
– Як гэта скралі? Хто?
Вырвіч са здзіўленнем заважыў, што паненка заўважна падрасла… Амаль аднаго з ім росту стала. А на куафюру яе дык увогуле задраўшы голаў трэба глядзець. І зараз жа асадзіў сябе: цьху, дурань, якое там падрасла – гэта ж чаравікі на абцасах у шэсць вяршкоў, якія з Парыжу панапрывозілі ў Рэч Паспалітую да абурэння шанавальнікаў сармацкіх звычаяў.
Пачуўшы пра імглу няведання, у якой патанула лялька, Паланэя нервова захадзіла па пакоі, пацвердзіўшы падазрэнні Вырвіча пра абцасы: яны чутно пацоквалі, а паходка паненкі стала хісткай і няўклюднай.
– А малюнак хоць адзін яна паспела намаляваць?
Паланэя рэзка спынілася перад Вырвічам, і ейныя вочы ўжо не былі халоднымі, а проста палалі нецярпеннем і трывогай. Будучы філосаф запэўніў паненку, што лялька так і не ўключылася. Не паспелі яе пачыніць.
Расчараванне, якое не змагла схаваць Багінская, прымусіла трывожны званочак у галаве студыёзуса зазвінець яшчэ мацней. Але не паспеў Вырвіч пахваліць сябе за мудрасць, як твар магнаткі раптам перамяніўся. Ну як бы ў цёмны пакой унеслі яркую лямпу. На вуснах залунала ласкавая ўсмешка, вочы заўсміхаліся, аблашчылі студыёзуса:
– Ах, пан Вырвіч, што мы ўсё пра нейкія механізмы гаворым… Мы ж не бачыліся тры гады. Вы так узмужнелі за гэты час – сапраўдны рыцар… І, напэўна, шмат ведаў атрымалі… Давайце… не, пяройдзем, як калісьці, на ты – давай паўспамінаем нашае юнацтва… Ах, якія былі падзеі! Памятаеш карчму пад Ракавам? А кляштар?
Паненка пазваніла ў срэбны званочак, абвязаны ружовай стужкай у колер ейнай сукенкі, і загадала слугам, што прыбеглі на знак, неадкладна накрыць на стол і прынесці найлепшага віна. Паланэя Багінская жадае павячэраць са сваім даўнім добрым сябрам, панам Пранцішам Вырвічам!
– Ты якое віно болей любіш, такай альбо мадэру? – цяпер голас Паланэі гучэў таксама інтрыгоўна, Пранцішу нават неяк няёмка стала – так моцна пачулася фальш, але студыёзус зараз жа выкінуў перасцярогу з галавы. Вядома, не пашкодзіла б паглядзець у чароўнае люстэрка доктара Дзі, якое прадказавала будучыню… Але чаму б не ўключыцца ў гульню – яшчэ невядома, хто каго перайграе, у студэнта таксама жаба на языку не спячэцца. Нарэшце ягоная Чароўная Дама сышла з п’едэсталу, наблізілася да яго, Пранціша Вырвіча, ушчыльную, сама рукі працягвае… Недарэкам апошнім трэба быць, каб такі шанец не скарыстаць! І Вырвіч бадзёра ўзняў крышталёвы келіх, напоўнены да краёў чырвоным напоем.
Раздзел пяты. Як Лёднік і Вырвіч апынуліся між кавадлам, молатам і… яшчэ адным молатам