Авантуры студыёзуса Вырвіча - Людміла Рублеўская (2014)
-
Год:2014
-
Название:Авантуры студыёзуса Вырвіча
-
Автор:
-
Жанр:
-
Серия:
-
Оригинал:Белорусский
-
Язык:Белорусский
-
Страниц:38
-
ISBN:978-985-7083-16-9
-
Рейтинг:
-
Ваша оценка:
Авантуры студыёзуса Вырвіча - Людміла Рублеўская читать онлайн бесплатно полную версию книги
Пранціш перавёў дыханне… Што тут скажаш – лёсы чалавечыя не прастуюць, як гасцінцы. І адзінае выйсце тут – маўчанне. Лёднік ніколі не зможа забраць сабе свайго сына, пані Галена ніколі не выцісне з сэрца Лёдніка чароўную Саламею, а маленькага паніча чакае самая сумная прышласць, калі распаўсюдзяцца чуткі, што ён байструк. Ну а што чакае ў такім выпадку пані Галену… Усе праблемы са з’яўленнем і знікненнем васковай Пандоры бляклі перад простымі і жорсткімі чалавечымі стасункамі.
Але прафесар глядзеў на цьмяныя водбліскі на брукаванцы, і мімаволі ўсміхаўся – і Вырвіч ведаў, што ён успамінае маленькага чарнавалосага хлопчыка, які зараз салодка спіць у ложку за кітайскай шырмай.
Раздзел чацвёрты. Як Пранціш пазнаёміўся з доктарам дзі і сустрэўся з Паланэяй
Людзі вельмі любяць прыдумляць казкі пра вялікае і застрашлівае: цмокаў, волатаў, рыбаў Рэмораў ды ільдзяных Грымтурсаў, праваленыя пад зямлю ці на дно возера храмы альбо цэлыя гарады… А дробнасцяў, мізэрных сутнасцяў заўважаць не хочуць – хаця яны, можа, болей значныя ды небяспечныя для чалавечага існавання, чым волаты ды цмокі, якіх сумленны рыцар з дапамогай арханёла Міхаіла ды Прасвятой Багародзіцы з аднаго ўдару можа заваліць. Ёсць, праўда, малюпасенькія альраўны, якія жывуць у карэннях мандрагоры, але ж і тыя прымаюць абліччы вялізных застрашлівых пачвараў, іначай хто ж іх спалохаецца. А ў кожнай кропельцы вады схаваны цэлы сусвет – нездарма доктар Антоні ван Левенгук, які вынайшаў мікраскоп, ледзь не самлеў ад узрушэння, калі тую кроплю пабачыў у павелічэнні. Цэлы заапарк дзіўных істотаў – анімалькуляў – мітусіўся перад вачыма! А для чалавека мудрага і самае вялікае, і самае малое збудавана па адным узоры.