Авантуры студыёзуса Вырвіча - Людміла Рублеўская (2014)
-
Год:2014
-
Название:Авантуры студыёзуса Вырвіча
-
Автор:
-
Жанр:
-
Серия:
-
Оригинал:Белорусский
-
Язык:Белорусский
-
Страниц:38
-
ISBN:978-985-7083-16-9
-
Рейтинг:
-
Ваша оценка:
Авантуры студыёзуса Вырвіча - Людміла Рублеўская читать онлайн бесплатно полную версию книги
Вось яно як! Пранціш сустрэўся позіркам з Саламеяй. У той задрыжэлі вусны. Што ж, мінулае даганяе нават тых, хто ўзрывае за сабой паветраныя замкі. Да таго, як патрапіць у рукі Пранціша, знаны алхімік Лёднік стаў уласнасцю пана Агалінскага, свайго крэдытора, з якім не змог расплаціцца. Пра тое, што было з Лёднікам у маёнтку Агалінскіх, той ніколі не расказваў, і ўвогуле тэмы не любіў. Але ясна, што папеклаваўся там сённяшні прафесар парадкам. Сам пан Цыпрыян Агалінскі, які прадаў Лёдніка па дарозе на Валожын першаму стрэчнаму, выкінуўшы з карэты проста ў брудную лужыну і параіўшы выхоўваць яго калацінай, сімпатый у Пранціша, тадышняга шкаляра, не выклікаў. Таўсманы, злосны, чырванаморды… Стан ціхага адчаю, у якім тады знаходзіўся Лёднік, і шнары на ягоным целе таксама сведчылі шмат пра што. Вось і тлумачэнне… Калі ў Пранцішы, нягледзячы на маладыя гады, Базыль без ваганняў прызнаў вышэйшага за сябе, вяльможнага пана, то доктару і цяпер не супраць быў бы па-свойску пералічыць рэбры.
Вогнікі скакалі ў каміне, нібыта гледачы ў балагане радаваліся незвычайнаму спектаклю, у якім нехта з герояў павінен памерці гвалтоўнай і ганебнай смерцю.
– Ідзі, Базыль, да карэты, і чакай мяне. Я зараз збяруся, – прагаварыў Лёднік сваім звычайным фанабэрыстым тонам і імкліва пайшоў у кабінет. Пранціш дагнаў яго, затрымаў за рукаў:
– Бутрым, што з табой? Няўжо паслухмяна пойдзеш слугаваць тым, хто цябе ў раба ператварыў?
Піфагор прыхінуўся рудым бокам да Пранцішавай нагі, патрабуючы, каб пагладзілі – знайшоў час, дурная жывёлінка.
– Там пакутуе маленькі хлопчык… – ціха прагаварыла Саламея. – Усё іншае – лухта…
Лёднік з удзячнасцю пацалаваў жонку ў шчаку.
– Дзякую, дарагая… І яшчэ… Я вам не расказваў, – голас прафесара стаў зусім ціхі. – Пані Галена мне жыццё выратавала. Каб не яна – наўрад я дацягнуў бы да спаткання з панам Вырвічам.
І зайшоў у кабінет, застукаў там інструментамі і бутэлечкамі, збіраючы свой прафесійны сакваяж. Потым пачуліся словы малітвы. Саламея наблізілася да Пранціша:
– Пан Вырвіч, калі ласка… Я баюся адпускаць яго аднаго… Не маглі б вы?..
Пранцішу не трэба былі нічога тлумачыць і прасіць. Ён моўчкі ўздзеў шапку і ўзяў шаблю з выгравіраваным на дзяржальне гербам “Гіпацэнтаўр”. Цяпер Вырвіч – не якісьці шкаляр, ён і сябе абароніць, і свайго настаўніка! Хоча той ці не…
Рэдкія ліхтары ператваралі мокрую брукаванку ў засланы месяцовым дываном казачны шлях, камяніцы застылі, нібыта зачараваныя волаты, з гары Гэдыміна спаўзаў прывідны туман. Пранціш сядзеў у карэце насупраць доктара, апранутага ў нямецкі строй, глядзеў на ягоны профіль – бо прафесар моўчкі ўтаропіўся ў вакно – і здагадваўся, што за вар’яцкая карусель з невясёлых успамінаў зараз творыцца ў прафесарскай галаве. Хоць ты зноў ідзі за Крыжовую гару на магілу Кашпара Бекеша, які загадаў напісаць на помніку, што ні ў ва што не верыць. Пры сузіранні гэтай магілы Лёдніка заўсёды прабівала на натхнёную лекцыю пра вечную надзею і выратавальны шлях душы праз пакуты.
Маўчанне, што назапасілася ў карэце за ўвесь час падарожжа, было такім густым, што прымусіла б знямець цэлы сойм. Колы пагруквалі і парыпвалі, нібыта скардзіліся на холад, восень і дождж…
Дом, дзе спыніліся Агалінскія, не быў надта шыкоўным – шляхта, што панаехала з Княства ды Каралеўства, пазаймала ўсе прыстойныя будынкі, так што каму ўжо які дастаўся. Святло ліхтара адбівалася на мокрай чарапіцы даху. Можна было разгледзець толькі ганак з двумя драўлянымі калонамі і вокны з сапраўднага шкла, за якімі свяціліся цьмяныя агеньчыкі свечак. Адзін з агеньчыкаў плыў у бок дзвярэй – гасцей чакалі…
– Сюды, пан доктар! – прыслуга ў белым каптуры і белым фартушку, якой ні была б устрывожанай, кінула прагна-цікаўны пагляд на Лёдніка. Вырвіч зразумеў, што таксама бачыла яго ў іншым становішчы.